Віншуем пераможцаў конкурсу экапраектаў анлайн!

05 чэрвеня 2020 года ў рамках анлайн-перадачы ўрачыстага сходу ў гонар Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя і Дня эколага былі абвешчаныя імёны фіналістаў конкурсу экапраектаў анлайн.

Конкурс быў арганізаваны няўрадавым экалагічным Фондам імя У. І. Вярнадскага (г. Масква, Расійская Федэрацыя) і праводзіўся з мэтай выяўлення і заахвочвання праектаў, распрацовак і ідэй, якія маюць практычнае прымяненне ў галіне фарміравання і развіцця экалагічнай культуры, накіраваных на захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і забеспячэнне экалагічнай бяспекі ва ўмовах дыстанцыйнага навучання і выдаленай працы.

Наш інстытут на конкурсе прадставілі студэнты 2 курса факультэта экалагічнай медыцыны, якія пад кіраўніцтвам загадчыка вучэбна-метадычнай лабараторыі экалагічнай адукацыі Смольнік Надзеі Сяргееўны распрацавалі праект «Інтэрактыўная адукацыйная экалагічная сцежка «Знаёмства з экалогіяй».

«Інтэрактыўная адукацыйная экалагічная сцежка «Знаёмства з экалогіяй» распрацавана для дзяцей дашкольнага ўзросту, змяшчае маляўнічыя ілюстрацыйныя матэрыялы, суправаджаецца расповедам і ўключае інтэрактыўнае заданне для замацавання матэрыялу па кожнай кропцы віртуальнага падарожжа.

Аўтары праекта «Інтэрактыўная адукацыйная экалагічная сцежка «Знаёмства з экалогіяй» былі ўдастоены дыплома пераможцы, а таксама атрымалі падарункавы сертыфікат.

Азнаёміцца з поўным спісам пераможцаў праекта можна па спасылцы: http://www.vernadsky.ru/proekti-fonda/konkurs-ekoproektov-onlayn/

Трансляцыя ўрачыстага сходу ў гонар Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя і Дня эколага і ўзнагароджанне пераможцаў даступная па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=5IR2jLVw8QA