МДЭІ ім. А. Д. Сахарава БДУ запрашае прыняць удзел у акцыі сусветнага маштабу «Гадзіна Зямлі»!

Гадзіна Зямлі – гэта міжнародная акцыя, падчас якой Сусветны фонд дзікай прыроды заклікае выключыць святло і побытавыя электрапрылады на адну гадзіну ў знак неабыякавасці да будучыні планеты. У гэты ж час згасае падсвятленне самых вядомых будынкаў і помнікаў свету. У Беларусі акцыя пройдзе ўжо ў 12-ы раз. Мэта акцыі «Гадзіна Зямлі» – прыцягнуць увагу да неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды.

У мінулым годзе ў акцыі прыняло ўдзел больш за 2 мільярдаў чалавек з 188 краін свету. Беларусь не засталася ўбаку. Так, толькі ў Мінску было адключана падсвятленне такіх знакавых аб’ектаў, як Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатр оперы і балета, Беларуская дзяржаўная філармонія, Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падсвятленне ЦУМа, гандлёвага цэнтра «Сталіца», гасцініцы «Беларусь» і інш.

Паколькі гэта добраахвотная акцыя, людзі самі вырашаюць, колькі і якія электрычныя прылады яны выключаць, а гарадскія ўлады ініцыююць выключэнне падсвятлення гарадскіх аб’ектаў.

Арганізацыяй акцыі ў Беларусі, з дазволу Сусветнага фонду дзікай прыроды, займаецца таварыства «Зялёная сетка». Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт аказваюць садзейнічанне ў правядзенні акцыі.