Кіруючыя працаўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў МДЭІ ім. А. Д. Сахарава БДУ, якія займаюцца пытаннямі міжнароднай дзейнасці, рэгулярна павышаюць сваю кваліфікацыю. У перыяд з 28.09.2020 г. па 02.10.2020 г. дэкан факультэта экалагічнай медыцыны Сыса Аляксей Рыгоравіч і начальніца аддзела міжнародных сувязяў Аляксейчык Алена Валер’еўна прайшлі навучанне на курсах па праграме павышэння кваліфікацыі «Упраўленне міжнароднымі праектамі ва ўстанове вышэйшай адукацыі».
Навучанне праходзіла на базе ўпраўлення міжнародных сувязяў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 13 прадстаўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі сталі слухачамі курсаў.
Рытаў А. В., начальнік аддзела міжнародных праграм і праектаў упраўлення міжнародных сувязяў БДУ, сфармуляваў асноўныя задачы і мэты ў сферы кіравання міжнароднымі праектамі, прадэманстраваў мадэлі кіравання міжнароднай праектнай дзейнасцю ў ВНУ;
Меераўская А. А., каардынатарка Нацыянальнага інфармацыйнага офіса праграм ЕС па навуцы і інавацыях ДУ «БелІСА», акцэнтавала ўвагу слухачоў курсаў на інструменце развіцця вышэйшай адукацыі – міжнародных праграмах і праектах;
Каваленя А. М., намеснік начальніка ўпраўлення рэгістрацыі Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, праінфармаваў аб працэдуры адабрэння і рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь;
Бельчык І. І., начальнік аддзела міжнароднай тэхнічнай дапамогі Міністэрства эканомікі, азнаёміў з парадкам падрыхтоўкі дакументаў для праходжання працэдур адабрэння і рэгістрацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
У ходзе правядзення заняткаў слухачам курсаў была прадастаўлена інфармацыя па стратэгіі ўдзелу устаноў вышэйшай адукацыі ў міжнародных конкурсах праграм, ужыванні метадаў і тэхналогій кіравання праектамі ў мультыкультурным асяроддзі. Таксама была ўдзелена ўвага разгляду пытанняў фінансавага менэджменту праектаў. Заняткі па складанні справаздачнасці па праекце і аўдыту прайшлі ў форме круглага стала.
Пасля завяршэння праграмы навучання па павышэнні кваліфікацыі і здачы заліку па пытаннях кіравання міжнароднымі праектамі ва ўстанове вышэйшай адукацыі, прадстаўнікам МДЭІ ім. А. Д. Сахарава БДУ былі ўручаны пасведчанні ўсталяванага ўзору.



